Бацькі, чые дзеці пакуль яшчэ наведваюць унікальны цэнтр медычнай рэабілітацыі дзяцей-інвалідаў і маладых інвалідаў «Радуга», схадзілі на прыём да старшыні Мазырскага райвыканкама.
Алена ПАЎЛЕЧКА. Фота: belta.by
Кіраўніца мазырскай вертыкалі Алена Паўлечка сустракалася з бацькамі не адна. Яе падтрымлівалі ейны намеснік па сацыяльнай сферы Фелікс Галюк, адказныя асобы з раённага аддзела адукацыі, гарадской паліклінікі, дэпутат райсавета. Пры гэтым, як зразумелі бацькі, пытанне адмены рашэння аб закрыцці «Радугі» мясцовыя ўлады нават не жадаюць разглядаць.
«Я звечара падрыхтавала словы, якія я павінна сказаць. Вельмі старанна ўсё прадумвала, каб было аргументавана ды не вельмі рэзка. Але, калі я пачала казаць, Алена Фёдараўна апусціла вочы ў нейкія паперы, што лажалі перад ёй, пачала іх перагортваць і на мяне нават ні разу не зірнула. Такое ўражанне было, што ці то я нешта спрабую да яе данесці, ці за вакном спяваюць птушкі – кіраўніцы раёна было аднолькава», – дзеліцца ўражаннямі Наталля Бурак, чыя дачка зараз наведвае цэнтр «Радуга».
Наталля БУРАК
Бацькі спрабавалі даведацца ў прадстаўнікоў улады, што зрабілася прычынай закрыцця ўнікальнага цэнтра, які мае не толькі патрэбнае абсталяванне для паўнавартаснай медычнай рэабілітацыі людзей з інваліднасцю, але і багаты досвед спецыялістаў у працы з такімі дзецьмі і маладымі людзьмі.
Паводле словаў бацькоў, Алена Паўлечка адказала, што падчас праверкі цэнтра «Радуга» выявілася, што там нерацыянальна расходуюцца грошы. На гэтую заяву бацькі адказалі, што ў гэтым віна як раз органаў улады, якія не кантралявалі належным чынам дзейнасць цэнтра і працяглы час прызначаюць кіраўнікамі туды абыякавых і кепска знаёмых з патрэбамі людзей з інваліднасцю функцыянераў, якія не надта хвалююцца за развіццё цэнтра.
Кіраўніца выканкама выказала меркаванне, што больш практычна будзе праводзіць рэабілітацыю на базе іншых установаў для інвалідаў – цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі пры раённым аддзеле адукацыі і аддзялення дзённага знаходжання інвалідаў пры тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. На заўвагу бацькоў пра тое, што ў аддзяленні дзённага знаходжання адсутнічае неабходнае абсталяванне для рэабілітацыйных медычных працэдураў прагучала дзіўная рэпліка, што людзям з інваліднасцю, старэйшым за 18 гадоў, рэабілітацыя ўжо не патрэбна.
Бацькі распавялі кіраўніцы раённай улады, што ні аддзяленне дзённага знаходжання, ці ЦКРНіР зусім не прыстасаваныя для абслугоўвання інвалідаў-калясачнікаў і інвалідаў з больш цяжкімі дыягназамі.
Алена Паўлечка сказала, што проста цяпер нікога на вуліцу не выганяюць, а ва ўлады ёсць яшчэ тры месяцы, каб падрыхтаваць мяркуемыя для прыёму пацыентаў «Радугі» цэнтры да такога ж стану, які маецца ў «Радузе». Бацькі не разумеюць, навошта вынішчаць тое, што створана і дзейнічае, каб на новых месцах спрабаваць стварыць такое самае.
«Калі б перад тым, як прымаць рашэнне пра закрыццё «Радугі» ўлады падрыхтавалі хаця б нешта падобнае да нашага цэнтра і паказалі мне, што маё дзіця трапіць у не горшыя ўмовы, чым тыя, дзе яно знаходзіцца зараз, я б сядзела спакойна і аніякай актыўнасці супраць рашэння закрыць «Радугу» не прадпрыймала. Але ж нам сёння толькі даюць абяцанкі. Натуральна ж, што ім ніхто даўно не верыць. Нашыя стасункі з раённай уладай нагадваюць тэатр абсурду!», – падсумавала вынік сустрэчы Наталля Бурак.
30 сакавіка Мазырскі райвыканкам прыняў рашэнне аб ліквідацыі цэнтра медычнай рэабілітацыі дзяцей-інвалідаў і маладых інвалідаў «Радуга». Гэта ўнікальны цэнтр, аналагаў якому няма ў іншых раёнах Гомельшчыны. У ім дзеці і дарослыя да 31 года з інваліднасцю праходзяць не толькі сацыялізацыйныя заняткі, але і медычныя рэабілітацыйныя працэдуры. Цэнтр стварылі на ініцыятыву грамадскасці з дапамогай замежных фундатараў і неабыякавых жыхароў Мазыра, кіраўнікоў буйных мазырскіх прадпрыемстваў у 1995 годзе. Зараз раённыя ўлады хочуць перарабіць будынак цэнтра ў дзіцячы садок, якіх, на думку чыноўнікаў, не хапае ў Мазыры. Бацькі дзяцей, якія наведваюць цэнтр распачалі змаганне за захаванне «Радугі».
Источник https://palesse.press
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.
Проверьте ваш почтовый ящик или спам, чтобы подтвердить свою подписку.
Copyright © 2019 | RAIK.BY