Інтэрнат перадалі новаму ўладальніку разам зь людзьмі
Сяргей Драздоўскі ў інтэрнаце паліграфкамбінату — доўгажыхар. Ягоная маці, былая супрацоўніца прадпрыемства, атрымала тут два пакоі. Разам яны пражылі да мінулага году.
Даехаць да інтэрнацкага пакоя Сяргею дапамагае жонка Настасься
«Паліграфкамбінат ужо ня мае дачыненьня да гэтага будынка, бо перадаў яго ва ўласнасьць адміністрацыі Савецкага раёну, і цяпер тут гаспадар — мясцовы ЖЭС. Нам паведамілі пра гэта пазьней, хоць перадаваць памяшканьне з жывымі людзьмі і бязь іхнай згоды — гэта парушэньне», — тлумачыць Драздоўскі.
Сябры дапамаглі прыстасаваць уваход пад інвалідны вазок
«Дзіўным чынам наш інтэрнат стаў „камэрцыйным жыльлём“, хоць паводле юрыдычных дакумэнтаў будынак ня мае статусу нават жылога памяшканьня. Але мы атрымалі жыроўкі, згодна зь якімі мусім плаціць за пражываньне ў разы даражэй.
Натуральна, я абурыўся і зьвярнуўся да старшыні адміністрацыі Савецкага раёну, якому як юрыст патлумачыў, чаму гэта незаконна», — кажа Сяргей Драздоўскі.
Але ў адказ, як звычайна, атрымліваў адпіскі з раённай адміністрацыі, а таксама пагрозы ад ЖЭСу — адключыць сьвятло і ваду, калі грошы ня будуць заплочаныя.
Далей — інтэрнацкі пакой, дзе Сяргей жыве з жонкай Настасьсяй
Гэтага ціску ня вытрымала маці і зьехала да дачкі. Там жа яна і зарэгістравалася, парушыўшы, кажа Сяргей, палажэньне пра пражываньне ў інтэрнаце. Але, паводле заканадаўства, тлумачыць ён, адміністрацыя мусіла прадаставіць яму права перазаключыць дамову.
«ЖРЭА разглядаў мяне як нейкую свойскую жывёлу, — кажа Сяргей. — Адмаўляліся са мной весьці размову наконт жытла. Бясконцыя пагрозы высяленьня, бясконцае прад’яўленьне незразумелых сумаў для аплаты. Мяне прымушалі заключыць дамову камэрцыйнага жытла, ад якой я адмаўляўся».
За гэты час Сяргей ажаніўся і прывёў у свой пакой маладую жонку Настасьсю. А адміністрацыя выдаліла яго з чаргі на льготнае атрыманьне жытла. Цяпер мясцовыя чыноўнікі хочуць выселіць на вуліцу абаіх — Настасьсю і Сяргея.
Сяргей Драздоўскі, юрыст і праваабаронца, сам змагаецца за свае правы
Выдалілі з чаргі на жыльлё і высяляюць на вуліцу
Цягам году змаганьня толькі гарадзкая пракуратура вымусіла раённую адміністрацыю вярнуць «камэрцыйнаму жыльлю» ранейшы статус інтэрнату. Аднак ЖЭС не зьбіраецца рабіць пераразьлік і дамагаецца, каб сям’я заплаціла за карыстаньне нібыта «камэрцыйным жыльлём». З чым, у сваю чаргу, не пагаджаецца Драздоўскі.
Маладая сям’я распачала рамонт у сваім супольным доме
«Юрыдычны факт: перавод інтэрнату ў камэрцыйнае жыльлё — гэта высяленьне мяне з інтэрнату. А ў гэтым выпадку адміністрацыя Савецкага раёну мусіла выдзеліць мне іншае жыльлё. Іншай інтэрпрэтацыі закону на сёньня няма.
Пакуль Сяргей садзіцца за стырно, каб ехаць у суд, Настасься паказвае перапіску з чыноўнікамі
А насамрэч мяне пакінулі без жыльля», — кажа Сяргей.
За ўвесь гэты час, расказвае ён, яны не атрымалі тлумачэньняў на свае пісьмовыя запыты абгрунтаваць, чаму ім прыходзяць такія рахункі за камунальныя паслугі. А сумы, паводле іх, адрозьніваюцца на парадак.
«Усе гэтыя парушэньні Жыльлёвага кодэксу, Грамадзянскага кодэксу, Канстытуцыі краіны ў ЖЭСе абгрунтоўваюць адным: рашэньнем адміністрацыі Савецкага раёну Менску. Пры гэтым, парушаючы практычна ўсё заканадаўства, правы чалавека, чыноўнікі дэманструюць сваю поўную беспакаранасьць», — кажа ён.
Настасься дапамагае Сяргею, каб разам ехаць у суд
У выніку супрацьстаяньня Сяргей Драздоўскі зьвярнуўся ў суд, каб яго аднавілі ў чарзе на паляпшэньне жыльлёвых умоў. Ён лічыць: «Прыйшоў час, каб мая гісторыя сталася прыкладам для таго, каб людзі не трывалі парушэньні сваіх правоў, а дамагаліся законнасьці».
Сяргей Драздоўскі і Настасься Жаўрыд — юрысты паводле адукацыі. Пабраліся шлюбам два месяцы таму. Настасься кажа, што цалкам падтрымлівае змаганьне свайго мужа і як жонка, і як юрыстка.
Настасься Жаўрыд дзеліцца сваімі ўражаньнямі ад падзеяў
«У мяне ўвогуле склалася ўражаньне, што мы жывём у нейкім фэадальным грамадзтве: узялі і перадалі будынак разам зь людзьмі ад аднаго ўладальніка іншаму. Новы ўладальнік хоча — прызначае адну аплату, хоча — іншую, хоча — высяляе кагосьці, хоча — не. Дзікунства поўнае», — гаворыць Настасься.
Настасься і Сяргей у судзе
Спэцыялістка аддзелу жыльлёвай палітыкі Савецкага раёну Менску Алена Русак, якая займаецца пытаньнямі пастаноўкі грамадзян на ўлік на паляпшэньне жыльлёвых умоў, паведаміла Свабодзе, што ведае пра канфлікт паміж выканкамам і сям’ёй Сяргея Драздоўскага, аднак патлумачыць штосьці ў гэтым пытаньні адмовілася. Адмовілася ад камэнтароў і прысутная ў судзе юрыстка выканкаму Савецкага раёну Ніна Доўгер.
Настасься і Сяргей — «закон на нашым баку»
Суд на пазоў з боку ЖЭС аб высяленьні Сяргея Драздоўскага прызначаны на 11 верасьня.
https://www.svaboda.org/a/drazdouski-battle-for-hostel/28697919.html
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.
Проверьте ваш почтовый ящик или спам, чтобы подтвердить свою подписку.
Copyright © 2019 | RAIK.BY